У гэтым месяцы пасля доўгага маўчання адбыўся рэліз складанкі легендарнага метал-гурта Gods Tower. Мы паразмаўлялі з фронтменам і вакалістам калектыву — Уладзіславам «Lesley Knife» Наважылавым пра творчасць, крымінальную справу і прагнозы на будучыню.
— Давай спачатку пагаворым пра музыку. Нядаўна Gods Tower выпусцілі складанку Mirrors And Echoes. Ад вас даўно не было чуваць свежых рэлізаў. Чым абумоўленая падборка песень і чаму менавіта такія назва і вокладка?
— Калі ты глянеш, якія тэмы ўвайшлі ў складанку, то ўбачыш, што гэта зробленае намі за гэтую дэкаду, пасля апошняга LP. Там шмат розных тэм, яны, з аднаго боку, не маюць паміж сабой адмысловых сувязей — у сэнсе тэкстаў і музычных канцэпцый гэта чыстая складанка. Але калі паглядзець інакш — атрымліваецца складанка песень, зробленых у розных умовах і пад уплывам розных рэчаў. Там ёсць і камп’ютарныя гульні, і палітычная сітуацыя, і гістарычныя падзея — адпаведна Roll out, Srebra Pieruna і Liar. Калі падумаць над гэтым — атрымліваецца менавіта люстэрка і рэха пражытай дэкады. Дарэчы, у якасці інтра там тэма, неяк напісаная Віталём Абрамовічам для анонса канцэрта 36\13. Цікава, што ад самага пачатку мы планавалі працягнуць гэтую тэму і зрабіць асобную рэч, шмат спрабавалі, інтэгравалі гэтую мелодыю ў розныя тэмы, але ўрэшце аказалася, што гэта самадастатковая рэч. У выніку мы вырашылі, што лепей за інтра ў яе не будзе лёсу. Такая гісторыя.
Да таго ж твор вельмі добра аздоблены малюнкам З. Траяновіча — і гэты малюнак да гэтай назвы ідэальна падыходзіць.
— Усе песні, якія ўвайшлі ў складанку, ужо ці выходзілі ў якасці сінглаў, ці вы іх гралі ўжывую на выступах. Калі чакаць новы матэрыял ці нават альбом?
— Як зможам сабрацца на студыі і ўсё запісаць без страху, што зараз нас усіх арыштуюць і адправяць у турму. Насамрэч праца ідзе, але зашмат знешніх фактараў, якія не дапамагаюць рабіць усё хутка. Энтрапія, курва, да таго ж.
— Як увогуле цяпер працуе творчая лабараторыя Gods Tower? Наколькі я разумею, удзельнікі гурта жывуць у розных гарадах і нават краінах. Ці лёгка ствараць новы матэрыял у такіх умовах?
— Вядома, нялёгка. Каб добра песні складаліся, трэба бачыць вочы адно аднаго — павінен быць кантакт на ўсіх узроўнях, уключаючы тактыльны. Мы ж дзікуны, часам і кулакамі можна ўзмахнуць, калі ідуць спрэчкі пра песні (жарт, але трохі праўды ў ім ёсць). На адлегласці, зумам ці скайпам, шмат не наробіш, не накантактуеш — заўжды атрымаецца нейкі паўфабрыкат. Ну не атрымліваецца ў нас на адлегласці складаць песні. Гэта ўсё сапсаваны тэлеграф. Таму мы робім новы матэрыял ці дашліфоўваем той, што ўжо ёсць, толькі тады, калі збіраемся на рэпетыцыі. А яны ў нас толькі перад канцэртамі. Кшталту такога: два дні на рэпетыцыі, сумарна гадзін дзесяць, з іх на паўтарэнне старых рэчаў — гадзіны дзве. Астатняе — на новы матэрыял. Але гэтага недастаткова.
— Ты заўсёды быў адкрыты да творчых прапаноў. Можна згадаць і гомельскія гурты, і сумесны трэк з Atesta, і адносна свежы сумесны рэліз разам з Dymna Lotva. Чым выкліканая твая любоў да фітоў — гэта жаданне дапамагчы іншым гуртам, каб даць інфанагоду, ці творчая энергія, якая патрабуе выхаду? Ці чакаць у найбліжэйшай будучыні яшчэ калабарацыі?
— Ну, я наогул люблю розныя такія эксперыменты з сівой даўніны. Гэта, па-першае, заўжды дае новыя ўражанні, што для творчасці неабходна, а па-другое, сам не забранзавееш і мысленне застанецца гнуткім. А галоўнае — так больш сяброў завядзеш, а мы жывёлы сацыяльныя. Без гэтага не пражывеш. Карацей, больш з эгаістычных прычын.
Пакуль у мяне няма дакладных планаў на далейшыя калабарацыі. А не, не зусім так, ёсць адна ідэя, над якой ідзе праца, але мне пакуль не ясна, як гэты праект будзе публікавацца. Што да астатняга, дык яно на паўзе стаіць.
Мне вельмі б хацелася паспяваць на якой з балтыйскіх моў, на літоўскай, ці латышскай, ну і, зразумела, зрабіць гэта з нейкім гуртом з гэтых краін. Так што калі ёсць ідэі — пішыце!
— Акрамя музыкі ў апошнія гады ты займаешся яшчэ і відэакантэнтам. Можна згадаць і знятыя кліпы, і кароткаметражкі, і аўдыёвізуалы, прысвечаныя Язэпу Драздовічу, і, зразумела, тваю праграмау «Пералётная піца». Ці хапае часу на ўсе гэтыя праекты? Увогуле ты чалавек логацэнтрычны ці больш на візуал арыентуешся? Ці не было думкі не распыляцца, а ўдасканальваць толькі адзін з творчых напрамкаў? Ну і, вядома, хочацца даведацца пра твае творчыя планы ў гэтым рэчышчы.
— Ну, час знаходзіцца. Вядома, не так, каб наогул стаць у гэтым плане майстрам, але каб не забываць, што ўмею, — дакладна.
Я б хацеў здымаць мастацкія стужкі, але калі ўяўляю сабе, колькі трэба на гэтую справу аддаць усяго, жаданне трохі слабее. Ну, на дробныя эпізоды-скетчы мяне хапае, гэта зноў такая гімнастыка для розуму. Наконт маёй логацэнтрычнасці — ну так, напэўна, у мяне больш атрымліваецца рабіць нешта з голасам і, што важна, імправізацыйна, бо калі я выбудоўваю кадр, потым ён заўжды здаецца мне не надта ўдалым. А наогул, гэта ж збоку лепей бачна, я неяк не задумваюся над гэтым.
Рэч у тым, што больш за ўсё я люблю кінастужкі, знятыя непрафесіяналамі, розныя мак’юментары і наогул у поўным сэнсе аматарскае кіно. Тое, што здымаецца на дачы, знянацку, калі хтось кажа: вось, стол ужо пусты, а ў мяне з сабой камера, смартфон, фоцік (патрэбнае падкрэсліць), і пачынаецца чыстая творчасць, якую потым проста мантуюць — адбіраюць найбольш цікавыя і прыгожыя моманты і ставяць іх у шэраг. Гэта сапраўдны цуд — калі нешта нараджаецца так, як прадукт жыцця. Мне гэта вельмі цікава, я найдалей буду так рабіць. Тут, вядома, дамінуе элемент дакументальнасці, але што кепскага, калі ў дакументальным відэа прысутнічае пастаноўка?
Я пакуль планую больш рабіць такіх імправізацыйных эпізодаў, такая версія неарэалізму ці сінема верытэ. Хатняя. Мне здаецца, цяпер не вельмі бяспечна збірацца, каб рабіць «Пералётную піцу». Наогул, не мірны час.
— У сваіх аўдыёвізуалах ты звяртаўся да спадчыны Язэпа Драздовіча. Чаму ты выбраў менавіта гэтую асобу?
— Я наогул ад космасу ў захапленні, мне таксама вельмі дарагія людзі, якія хоць калі неслі гэтую ідэю ў свет. Пра што Liar, песня Gods Tower? Яна прысвечаная Джардана Бруна, якога за гэтую ідэю спалілі на вогнішчы, назваўшы ілгуном, для мяне Язэп Драздовіч, калі я адкрыў яго для сябе, стаў такім жа героем. Космас — гэта адзінае прызначэнне чалавецтва ад прыроды, калі б прырода планавала чалавецтва як звычайны від, кшталту якіх даўганогаў — нават таго дзіўнага розуму (бо часам працуе ён ірацыянальна) нам бы ніхто не даў. Былі б мы чарговымі малпамі, жылі б доўга на эвалюцыйным фоне і добра, але ці трэба такое жыццё?
Драздовіч нёс ідэі космасу ў Беларусь — а гэта наўрад ці лёгка было, нават у нашыя часы сярод беларусаў зашмат тых, хто не хоча пакідаць утульнае сярэднявечча, а ў часы Драздовіча гэта было фізічна балюча, мне здаецца. Драздовіч варты большай памяці, чым мае цяпер. Я проста стараюся нагадаць пра гэта — як магу.
— Яшчэ некалькі гадоў таму можна было ствараць такія праекты, як аргкамітэт партыі касмічных піратаў, а цяпер жарты скончыліся? Ці магчымы камбэк партыі піратаў цяпер? Падчас абсурдных затрыманняў за шкарпэткі і сэрцайкі на вокнах ці не самай галоўнай палітычнай сілай магла б стаць такая партыя?
— Не. Час партыі касмічных піратаў прыйдзе, калі нас пакіне нянавісць. Бо гэта ўсё ж пазітыў, а цяпер — час нянавісці, і калі людзі гэтай нянавісцю могуць кіраваць, тыя, хто яе сее, не хочуць і не могуць яе кантраляваць. Сіла ёсць — розуму не трэба, і гэта не жарт, на жаль. Таму касмапіраты пачакаюць.
— Вернемся да музыкі. За апошні год беларусы выпусцілі некалькі соцень песняў, вялікую частку якіх можна аднесці да катэгорыі пратэснай музыкі. Як увогуле ты ставішся да такой з’явы, калі мастацтва бярэ на сабе функцыі агітпропу? Ці былі, на тваю думку, сярод гэтых соцень песні, што могуць стаць сапраўднымі дыяментамі айчыннай музыкі?
— Я выключна добра стаўлюся да гэтага, мяне, наадварот, раз’юшваюць музыканты, якія адхрышчваюцца ад сацыяльнай пазіцыі, — казяльцы-кветачкі такія. Мне не падабаецца такая страусяціна, галаву пад зямлю хаваць, дзе ўтульна, як у дамавіне.
А якія песні стануць дыяментамі — ну, тут толькі час вырашае. Беларусы напісалі шмат песень супраціву, на цэлую эпоху хопіць.
— Тэадор Адорна пісаў, што пасля Асвенціма ніякія далейшыя вершы немагчымы, акрамя як на грунце самога Асвенціма. У беларусаў быў біпалярны 2020 год, з падʼёмам і дэпрэсіўнай фазай. Ці магчымае нейкае творчае выказванне пасля той хвалі гвалту, забойстваў і рэпрэсій, што абрынулася на нашу краіну, якое б ігнаравала гэты боль і не было спробай адрэфлексаваць тое, што адбылося?
— Гэта гледзячы што ты маеш на ўвазе. Калі гаворка пра Саладуху, дык яшчэ як магчымае, а калі гаворка пра Аляксея Санчука— дык ён альбо будзе барабаніць толькі пра гэта, альбо не будзе барабаніць наогул. У мяне цяпер усё пад гэтым ценем, проста я буду значна больш карыстацца алегорыямі. Гучна скажу, калі час прыйдзе.
Я думаю, мы ўсе цяпер Гаральды, якія хаваюць боль. Цэлая нацыя Гаральдаў. Ці магчыма так доўга боль хаваць? Наўрад ці. Прыйдзе час, і мы ўсе будзем лямантаваць ад болю. Так гучна, што палопаюцца вітрыны і бакалы.
— За апошнія паўгода ты двойчы трапіў пад прыцэл рэпрэсіўнай машыны. У верасні пасля дваровага канцэрта разам з Аляксандрам Памідоравым вы абодва трапілі на суткі, а цяпер на цябе завялі крымінальную справу нібыта за абразу чыноўніка. Як ты трываеш гэтыя выпрабаванні? Ці ёсць нейкія рэцэпты, каб захаваць спакой у сэрцы ў такіх складаных сітуацыях?
— Ды ніякага асаблівага спакою я не захоўваю, мне, вядома, усё гэта вельмі перашкаджае, я дастаткова эмацыянальна гэта ўспрымаю, проста не ўскіпаю пры людзях, калі магчыма. Мне здаецца, складана заставацца спакойным у гэтых абставінах. Мне дапамагае сублімаваць гэтае кіпенне тое, што і заўжды: сям’я, кіно, музыка, камп’ютарныя гульні. У гэтых сферах я пакідаю большую частку сваіх эмоцый, а потым іду і раблю далей. Але нельга сказаць, што я спакойны. Дуля ў кішэні танчыць.
Ведаеш, я больш скажу. Я зразумеў, што наогул спакой трэба захоўваць тады, калі ты штось робіш, каб не нарабіць памылак. Але калі ты не непасрэдна ў баі — нічога не перашкаджае выйсці ў поле і гаркнуць на ўсю глотку для зняцця напружання.
І галоўнае — keep calm and speak belarusian.
А так... няма рэцэптаў, ёсць старыя правераныя сродкі.
— Пагаворым пра будучыню. Якой ты бачыш новую Беларусь пасля перамогі прыхільнікаў пераменаў? Што, на тваю думку, будзе адбывацца з культурай і прыватна з музыкай? Ці падзяляеш ты аптымізм, што нешта зменіцца ў лепшы бок?
— Я не буду даваць прагнозаў, пакуль што гэта надта няўдзячная справа. Нам яшчэ доўга давядзецца выціскаць з краіны і з сябе фашызм.
— Зразумела, што такое пытанне не столькі да музыкі, колькі да футуролагаў і палітолагаў. Але ж ты ў нейкім сэнсе візіянер і, пачаўшы сваю музычную карʼеру яшчэ напрыканцы 80-х, бачыў, як змяняецца свет. Мы жывём у складаныя часы — пандэмія, лакальныя ваенныя канфлікты, дыктатуры, постпраўда, лічбавізацыя. Што гэта ўсё на тваю думку — сімптомы змены эпох ці прадвеснікі хуткага канца свету?
— Ну толькі не другое, не, я наогул не веру ў канцы свету. Зямля стала жыве ў рэжыме канца свету: хто хоць трохі разумее, як мяняліся ўмовы жыцця на планеце, са мной пагодзіцца, спадзяюся, такіх большасць. Больш скажу: калі людзі нават знікнуць абсалютна — наўрад ці гэты факт сусвет заўважыць, на месца людзей прыйдзе нешта іншае. Час ад часу чалавецтва кілбасіць, а пасля яно збіраецца з сіламі, выпраўляе памылкі і робіць далей. Я ўжо казаў вышэй: Зямля — наша калыска. Але мы ў гэтай калысцы зажыліся. Чалавецтва ўжо падлетак, а дагэтуль у калысцы з лялькамі гуляецца ды нюні пускае.
Дзякуй богу, мы сталі больш свабодныя інфармацыйна, нягледзячы ні на што. Ніхто нас не верне да манаполіі інфармацыі і цэнзуры, НАС — дакладна. Мы ўжо не можам жыць па-ранейшаму.
Як я , зараз будзе глабальная рэвізія інстытуту дзяржавы (у ідэале яна наогул непатрэбная, але і ідэалу дасягнуць немагчыма), а потым максімальна мабільнае чалавецтва пачне экспансію космасу — каланізацыю і іншае. У які тэрмін укладваецца гэтая перспектыва, не ведаю, ты спытаў — я адказаў.
І, вядома, будуць яшчэ і войны і эпідэміі. І цунамі, і вывяржэнні, і выміранні будуць. Так працуе сусвет.
А калі не падабаецца такі вір і хочацца стабільнасці, дык на могілках добра і ўтульна, трымацца ні за што ніякімі пальцамі не трэба. А жыццё мусіць несціся наперад, як горная рака.
Д.Н., Budzma.by