У клубе “Таранціна” прайшла другая прэмія Rock Pofi, дзе найлепшых па выніках музычнага 2013 года абіралі самі музыкі.
У гэтым якраз унікальнасць і разынка прэміі – у журы толькі музыкі. Прычым не абы-якія. У журы трапілі артысты, якія запісалі за апошнія тры гады хоць адзін альбом, што быў ацэнены не ніжэй за пяць балаў з дзесяці на сайце Experty.by. Такіх набралася пад сотню, а пагадзіліся абіраць найлепшых з калегаў 46 гуртоў і выканаўцаў.
Аркестр “12 датчан” – яшчэ адна адметнасць цырымоніі. Яны “грэлі” публіку перад пачаткам і суправаджалі ўсю вечарыну. Музыкі развучылі ўсе песні пераможцаў і гралі іх падчас абвяшчэння. Асабліва гэтаму ўразіліся хлопцы з гурта The Toobes, песню якіх “Say Hello To My Baby” назвалі найлепшай у 2013 годзе. Яны паціснулі руку кожнаму з “датчанаў”. Сярод удзельнікаў аркестра, дарэчы, быў і адзін з фаварытаў сёлетняй прэміі – Павел Кузюковіч, лідар гурта Pafnutiy’s Dreams, што намінаваўся ў трох катэгорыях. Праўда, ні ў адной не перамог.
Надзіва, вядоўца цырымоніі Ілля Маліноўскі абраў рускую мову, што беларускай альтэрнатыўнай прэміі зусім не пасавала.
У пачатку публіцы для інтрыгі паказалі серыял “Рок-прафілізацыя”. Тонкі гумар арганізатараў зразумелі не ўсе. “Калі вы ўцямілі, што да чаго, значыць, вы прафесіяналы”, – зазначыў Ілля Маліноўскі і паклікаў на сцэну музыкаў з Clover Club – па задумцы пераможцаў гэтай прэміі называлі тыя, хто быў адзначаны на леташнім Rock Profi.
У дэбют запісалі гурт BosaeSonca, які на сцэне ўжо восем гадоў, праўда, дэбютнік выдаў якраз летась, а таксама My Ocean, Pafnutiy’s Dreams і аркестр “Смена”. Найлепшым аказаўся гурт BosaeSonca. Лідар каманды Алесь Кот-Зайцаў у відэазвароце з Масквы адзначыў, што яму асабліва прыемна атрымаць прызнанне ад калегаў. Калі ў яго і былі думкі згарнуць дзейнасць гэтай каманды, то цяпер яны зніклі як дым – BosaeSonca рэальна ўвайшоў у першы эшалон беларускага року. Гэты ж гурт, а дакладней гукарэжысёр Павел Сініла з студыі Everest, атрымаў узнагароду за “Запіс года” (альбом “Адпусці”). Яшчэ адна разыначка Rock Profi, дзе ўрэшце звярнулі ўвагу на тых, ад каго вельмі шмат залежыць. Сярод гукарэжысёраў таксама намінаваліся Віталь Кулеўскі, Алег Даманчук, Зміцер Каршаневіч.
У намінацыі “Альбом года” – бадай што самая вялікая інтрыга кожнай прэміі. Пераможцу абвяшчала Света Бень з “Серебряной свадьбы”, якая па-заліхвацку танчыла пад аркестр. Намінантаў тут было чацвёра: BosaeSonca (“Адпусці”), Pafnutiy’s Dreams (“The Sandman”), “Петля пристрастия” (“Фобос”) і Pukstband (“Последний альбом”). Найлепшым прызналі “Фобос”, захвалены да гэтага расійскімі крытыкамі. Лідар каманды Ілля Чарапко-Самахвалаў даваў у гэты час канцэрт у клубе “Графіці” са сваім другім гуртом “Кассиопея”, таму запісаў відэазварот, дзе парадаваўся за тое, што ёсць людзі, якія могуць належным чынам ацаніць зробленае ім з паплечнікамі.
У намінацыі “Артыст года” адбіраліся не толькі яскравыя гурты, што запісалі летась дастойны поўнафарматны альбом. Было таксама патрабаванне, каб яны цягам года далі хоць адзін сольны канцэрт з наведваннем больш за 500 чалавек. “Ляпісу Трубяцкому” тут роўных не было (намінаваліся таксама Akute, “Серебряная свадьба”, The Toobes). Абвяшчаў пераможцу Леслі Найф, які па ходзе справы прызнаўся ў любові да творчасці Паліны Рэспублікі (менавіта яе кампазіцыю “Лета” лідар Gods Tower назваў найлепшай песняй года).
Ганаровую ўзнагароду “За ўнёсак” атрымаў гурт “Крама” з нагоды 20-годдзя альбома “Хворы на рок-н-рол”. Выступ “Крамы” тых часоў паказвалі на экране, а потым Ігар Варашкевіч, які практычна не змяніўся за гэты час, матэрыялізаваўся на сцэне ды згадаў, што некаторыя дзівяцца таму, што “Крама” яшчэ жыве. Пацверджаннем жывасці і жвавасці самай заслужанай беларускай рок-каманды быў гадзінны сэт, у якім прагучалі як вечныя хіты, так і песні, што ўвойдуць у новы альбом. Таму на наступнай прэміі Rock Profi “Крама” мае ўсе шанцы трапіць і ў іншыя намінацыі.
Сяргей Будкін
фота: Аляксандр Ждановіч, tarantino.by