Так супала, што ў той жа дзень, калі былы вакаліст гурта LitvinTroll Андрэй Апановіч распавёў “Будзьме” пра свой новы гурт Trollwald і прэзентаваў дэбютны трэк, другі ўдзельнік LitvinTroll Васіль Верабейчыкаў таксама заявіў пра сваю новую каманду – Sakramant, якую стварыў разам з яшчэ адным былым удзельнікам “троляў” – басістам Алесем Стаціўкам. У дэбютным трэку вакальную партыю выканаў вакаліст Gods Tower Лэслі Найф.
Васіль (ВВ) і Алесь (АС) адказалі на пытанні “Будзьмы”.
– Што з сябе ўяўляе гурт Sakramant? Якую мае ідэю і канцэпцыю?
ВВ: Мы заснавалі гэты гурт разам з Сашам амаль адразу пасля распаду Litvintroll. Некаторы час шукалі аднадумцаў і ўжо даволі хутка пачалі працаваць над новым матэрыялам. У Беларусі вельмі цікавы фальклор, гісторыя багатая на герояў. І мы вырашылі даць голас гэтым асобам – якія існавалі насамрэч і міфічным. Такім чынам, здаецца, Sakramant працягвае музычныя традыцыі Litvintroll.
АС: Sakramant – гэта працяг гісторыі, якая бярэ пачатак на апошнім альбоме Litvintroll – месцамі сумная, трагічная, а дзесьці вясёлая ды іранічная. Сакрамант – найдаражэйшая частка душы, ад якой ніколі не адрачэшся. Гэты вобраз можа ўвасабляцца як індывідуальна, так і ў больш шырокім разуменні – гурта, народа, краіны (патрэбнае падкрэсліць).
– На дадзены момант два новыя гурты пазначаюць сябе як ex-Litvintroll. Каму верыць?
ВВ: Фактычна, у складзе абодвух гуртоў ёсць удзельнікі Litvintroll, таму прыпіска ex-Litvintroll будзе пераследаваць Sakramant і Trollwald яшчэ нейкі час. Калі з’явіцца дастаткова ўласных песень і будзе сыграна шмат канцэртаў, ідэнтыфікацыя гуртоў стане больш адназначнай. А пакуль мы ўсе ex-Litvintroll. Мы, безумоўна, калі-небудзь апынемся на адной сцэне. Са свайго боку можам гарантаваць, што зробім усё ад нас залежнае, каб як мага лепш адыграць свой сэт.
– Ці збіраецеся выконваць песні, якія былі ў рэпертуары Litvintroll?
ВВ: Так, абавязкова. Я не саромеюся песень, якія напісаў для Litvintroll. Чаму ж не выконваць?
– Васіль, якое тваё стаўленне да версіі Андрэя Апановіча наконт распаду гурта, якую ён выказаў у нядаўнім інтэрв’ю “Будзьме”?
ВВ: Так, я сапраўды быў некарэктным, напрыклад, у моманты, калі хтосьці з хлопцаў напіваўся ў дым перад выхадам на сцэну. Мяне абражала тое, што яны не маглі выконваць належным чынам свае партыі, а іх – тое, што мне гэта не падабаецца.Таксама я чытаў, што трымаўся асобна ад гурта. Так, даволі цяжка выпіваць і адрывацца з калегамі, калі ў гэты самы час кіруеш туравым аўтобусам, а потым усе твае жаданні абмяжоўваюцца ложкам і цішынёю. Мабыць, камусьці не падабалася, што я ў той момант не жадаю тусіць з усімі. Некаторым удзельнікам гурта было цяжка нават змяніць аватарку ў нашай суполцы “У Кантакце”, дзе, дарэчы, усе тролі былі адміністратарамі. Тады мне даводзілася цягнуць коўдру на сябе і брацца за гэтую цяжкую справу асабіста.
– Чым, па-вашаму, можна патлумачыць, што дзейнасць Litvintroll запаволілася настолькі, што пасля выхаду “Чорнай панны”, са словаў Андрэя, вы здолелі стварыць толькі тры песні?
ВВ: Мне здаецца, што павольнасці ў стварэнні песень спрыяла галоўным чынам тое, што пэўныя ўдзельнікі дазвалялі сабе, напрыклад, тры месяцы запар не прыходзіць на рэпетыцыі ці з’яўляцца там п’янымі. Некаторыя людзі не жадаюць несці адказнасць за свае ўчынкі. У праблемах яны вінавацяць усіх навокал, толькі не сябе. Увесь імпэт ідзе на прыдумванне адмазак. Калі б чвэрць тых намаганняў была кінутая на творчасць, у Litvintroll было б ужо 5 альбомаў.
АС: Дзеля справядлівасці заўважу, што новых песень было больш. Таму, улічваючы чатыры гады, якія спатрэбіліся для працы над “Чорнай Паннай”, працэс быў яшчэ не самы марудны. Аднак пералічаныя вышэй падзеі рабілі гэты працэс нездаровым. Таму ў творчасці я здолеў сысціся бліжэй толькі з Васілём, і гэта абумовіла мой выбар у канфлікце.
– Наконт блакіроўкі ідэяў. Васіль, чым табе не падабаліся тэксты Андрэя, якія ён прыносіў?
ВВ: Андрэй вырашыў павесіць усіх сабак на мяне (смяецца). Цікава, яму асабіста не сорамна хлусіць з кожнай нагоды? Дарэчы, мой любімы тэкст Litvintroll – гэта “Крыжак”. За апошні час са шматлікіх інтэрв’ю Андрэя я даведаўся, што шмат гадоў я прыгнятаў і прыніжаў некалькіх дарослых мужчын. Гучыць як нейкае вычварэнства.
АС: Творчы працэс заўсёды складаны, асабліва ў ансамблі, дзе шмат людзей. Таму адбываецца нейкі адсеў ідэй, якія не адпавядаюць канцэпцыі ці стылю гурта. У новых песнях Litvintroll выкарыстоўваліся тэксты розных людзей – мае, Апановіча, Васіля, і нельга сказаць, што ў гэтым дамінаваў толькі Васіль. Тое самае адбывалася і з музыкай. Таму гэта падобна да заявы пакрыўджанага хлопчыка. Ну, уявіце сабе, каб Litvintroll спяваў пра спайсы, матацыклы, казіно ці штосьці такое.
– Якія ўражанні ў вас ад трэку “Легальныя прысмакі”, які паказаў Trollwald?
ВВ: Я чуў, што яны збіраюцца граць стоўнер з думам. Мне асабіста падабаюцца гэтыя музычныя стылі, але не ў трактоўцы Trollwald. Хаця, здаецца, яны знойдуць свайго слухача.
АС: Гэта мог быць нядрэнны бонус-трэк ці, напрыклад, рэч для сольнага альбома Апановіча. Аднак да песні – прэзентацыі гурта, які пазіцыянуе сябе як спадкаемца Litvintroll, шчыра кажучы, рэч не дацягвае. Аднак месцамі даволі цікава.
– Пры якіх умовах і абставінах Litvintroll можа сабрацца ізноў у залатым складзе?
ВВ: А які склад лічыцца залатым? Праз Litvintroll прайшло вельмі шмат добрых музыкаў. Адных гітарыстаў было 4, а бубначоў – 5 ці 6. Сабрацца зноў разам? Чаму ж не? Калі эмоцыі сціхнуць, гадоў праз 10, каб папесціцца ў промнях былой славы.
– Калі чакаць жывы выступ гурта Sakramant і што яшчэ рыхтуеце цяпер? І вось што цікава – прымаць Лэслі за паўнапраўнага ўдзельніка гурта ці ён проста запрошаны госць?
ВВ: Робім новыя песні, рыхтуемся да жывых выступаў. Відэа – абавязкова. Мне падабаецца рабіць мульцікі, здаецца, гэта ўжо ўсе зразумелі. Дату канцэрта пакуль не абвяшчаем, мы ўвогуле лічым, што сюрпрызы цікавейшыя за абяцанні.
АС: Ножык – наш добры сябар і камрад, таму ў любым выпадку ён паўнапраўны ўдзельнік гурта. Sakramant – гэта хата, дзе ён таксама гаспадар.
Размаўляў Сяргей Будкін