Наста Кудасава апублікавала ў сваім фэйсбуку новы верш.
Што ў табе існага, бедны мой, звадны мой век?
Бег напярэймы па коўзкай хлусні галалёдзіц?
Дзесьці, забыты, знікае ў віры чалавек.
Гасне – чужы – чалавек, чалавек адыходзіць...
Ён залягае маўчаннем у зморшчынках дрэў,
боль яго бачны цяпер толькі попаўзням шэрым,
сад знелюдзелы яго ў сваё сэрца бярэ,
лапячы прорвы жывой абрыкосавай верай.
Сад яму з цёплага вецця арэлі пляце –
лётаць і дыхаць зямлі мірыядамі сепій…
Дзесьці, забыты ў людзей, занядбаны ў людзей,
ціха расце чалавек. Яму парасткам – лепей.