На вандроўку, якую цяпер распачынаем, нават двух дзён можа не хапіць. Бо кожнае месца тут асаблівае, таемнае, схаванае. Упарта ўгледзецца ў кожны закуток Астравеччыны варта яшчэ і таму, што ўжо празь некалькі год гэтыя землі можа беззваротна зьмяніць будаўніцтва АЭС і наступствы яе працы. Едзем на Астравеччыну. Магчыма, у апошні раз…
Першы пункт вандроўкі — вёска Жодзішкі ў 15 км ад Смаргоні. У 30-ых гадах тут суполкі беларускай і польскай моладзі супрацьстаялі адна адной, у 41-ым жодзінцы выйшлі з нацыянальнымі сьцягамі сустракаць нямецкія войскі. Як пачуваюцца Жодзішкі за два гады да свайго пяцісотгодзьдзя?