У нядзелю 15 лютага ў Нью‑Ёрку ў Беларускім музэі (адрэса: 401 Atlantic Ave., Brooklyn, N.Y.) адбудзецца адкрыцьцё пэрсанальнай выставы Аляксея Марачкіна і сустрэча з самім мастаком. Пачатак а 12.30.
Аляксей Марачкін (Алесь Мара) — вольны мастак.
Нарадзіўся 30 сакавіка 1940 г. у вёсцы Папоўшчына (Новая Слабада) на Магілёўшчыне. Жыве у Менску.
Працаваў школьным настаўнікам маляваньня і крэсьленьня ў вёсцы Рубель Столінскага раёна, горадзе Жодзіна, Менску. Выкладаў у БДТМІ, быў загадчыкам катэдры жывапісу Беларускай акадэміі мастацтва. Дацэнт.
Працуе ў розных жанрах жывапісу, графіцы. Для творчасьці характэрныя асацыятыўна‑алегарычнае мысьленьне, асэнсаваньне беларускай гісторыі і традыцыі. Стварыў сэрыі жывапісных партрэтаў дзеячоў гісторыі і культуры Беларусі, «Маляваныя дываны», нізкі «Легенды і паданьні Беларусі», творы сацыяльна‑палітычнага гучаньня, натурморты, пэйзажы.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі, у Дырэкцыі выставаў Міністэрства культуры, музэях Віцебска, Магілёва, Горадні, Чэрыкава, у прыватных калекцыях у Беларусі і на замежжы.
Адзін з арганізатараў і першы кіраўнік творчай суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў.
Запрашаем усіх на выставу.