Чацвёртага снежня беларускую выцінанку ўнеслі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO Што гэта значыць для нашай краіны і якія адкрывае перспектывы?
Выцінанка Наталлі Клімко з Наваградка. Фота Альфрэда Мікуса. Крыніца: UNESCO
Як фармуецца спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO
Выцінанка трапіла ў спіс рашэннем Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, паседжанне якога праходзіць у парагвайскім горадзе Асунсьён. Міжнародныя спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны вядуцца ў адпаведнасці з Канвенцыяй UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай у 2003 г. Беларусь далучылася да яе адной з першых, ратыфікаваўшы дакумент у 2005 г. і абавязаўшыся імплементаваць яго палажэнні ў нацыянальнае заканадаўства. У наступным годзе Канвенцыя ў нашай краіне ўступіла ў сілу, а неўзабаве ў адпаведнасці з ёй пачаў стварацца Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У яго па ініцыятыве мясцовых супольнасцей (на самай справе хутчэй па ініцыятыве мясцовых уладаў) уносяцца выканальніцкія мастацтвы, звычаі, абрады і святы, веды і сацыяльныя практыкі, якія адносяцца да прыроды і сусвету, веды і навыкі, звязаныя з традыцыйнымі рамёствамі, вусныя традыцыі і формы выражэння, якія супольнасці лічаць часткай сваёй спадчыны. На практыцы большасць Інвентара складаюць беларускія традыцыйныя вясковыя святы і народныя рамёствы. Амаль не прадстаўлена гарадская культура, нацыянальныя меншасці.
Тэарэтычна любы элемент з Нацыянальнага інвентара мае шанец трапіць у спісы UNESCO, але на практыцы краіна мусіць выбраць, што падаць, і падрыхтаваць вялікі пакет дакументаў (напрыклад, частку дакументацыі па выцінанцы, у тым ліку фільм, можна паглядзець тут), бо прымаюць толькі па адным элеменце ў кожны спіс раз на два гады. У адпаведнасці з Канвенцыяй 2003 г. акрамя Рэпрэзентатыўнага спіса UNESCO вядзе Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, і Рэгістр найлепшых практык аховы. Не блытаць са Спісам сусветнай спадчыны UNESCO, які вядзецца ў адпаведнасці з Канвенцыяй 1974 г. і ўлучае архітэктурныя і прыродныя помнікі!
Якія элементы ад Беларусі ўнесены ў спіс UNESCO
Выцінанка стала чацвертым элементам ад Беларусі ў Рэпрэзентатыўным спісе.Таксама туды ўнесены:
- Будслаўскі фэст (2018 г.);
- традыцыя бортніцтва (разам з Польшчай, 2020 г.);
- мастацтва і ўменні саломапляцення (2022 г.).
У Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, Беларусь прадстаўлена абрадам «Калядныя Цары» (2009 г.) і вясновым абрадам «Юраўскі карагод» (2019 г.).
Што дае ўнясенне ў спіс UNESCO
Да ўнесеных у Нацыянальны Інвентар, а тым больш у спісы UNESCO элементаў узрастае ўвага на нацыянальным узроўні: пра іх шмат піша прэса, з гонарам гавораць мясцовыя чыноўнікі. На міжнародным узроўні траплянне ў спісы UNESCO таксама прыносіць пэўную вядомасць, а для элементаў, якім патрабуецца тэрміновая ахова, — магчымасць атрымаць фінансаванне. Праўда, пытанне, як распараджаюцца на месцы гэтымі сродкамі. Сярод праблем эксперты адзначаюць навязванне носьбітам спадчыны сцэнічных і клубных форм яе бытавання, што вядзе да страты арыгінальнага кантэксту.
Як ставяцца звычайныя людзі?
Бывае па-рознаму. Часам дзейнасць афіцыйных устаноў культуры, з якімі асацыюецца ўнясенне ў інвентары, можа ўспрымацца як нешта чужое, што ніяк не ўплывае на штодзённасць. А часам носьбіты сапраўды ганарацца сваёй спадчынай. Напрыклад, жыхары Давыд-Гарадка (Столінскі р-н) вельмі часта ў каментарах журналістам згадваюць, што іх калядны абрад «Конікі» ўнесены ў Нацыянальны Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Праўда, і носьбіты, і прадстаўнікі прэсы часам блытаюць Інвентар са спісамі UNESCO.
Жыхары в. Семежава Капыльскага р-на распавядаюць, што ўвага да іх абраду «Калядныя Цары» з боку турыстаў і прэсы значна ўзрасла пасля ўнясення яго ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і асабліва ў спіс UNESCO. Былі гады, калі 13 студзеня Семежава прымала па паўтысячы гасцей (у вёсцы каля 1250 жыхароў). Неўзабаве пасля ўнясення абрада ў спіс UNESCO Семежава наведаў нават журналіст з Японіі. Гурты Цароў пачынаюць рэпетаваць з восені, іх задоўга да Калядаў здымаюць прадстаўнікі прэсы. Да такога парушэння традыцыі мясцовыя жыхары спачатку ставіліся насцярожана, а цяпер усё ж пускаюць здымачныя групы ў хаты.
Майстрыца выцінанкі Наталля Адзінец з в. Рачэнь Любанскага р-на.
Фота Альфрэда Мікуса. Крыніца: UNESCO
А што ў выпадку з выцінанкай
У выпадку з выцінанкай наўрад ці ўнясенне ў ахоўны спіс UNESCO прывядзе да адчувальнага для майстроў узрастання дзяржаўнай ці міжнароднай матэрыяльнай падтрымкі. Але безумоўна падвысіцца прэстыж гэтага рамяства, так бы мовіць, сімвалічны капітал творцаў, які яны змогуць выкарыстаць залежна ад мясцовых магчымасцяў. Магчыма, вырабы майстроў выцінанкі будуць больш масава браць на выставы, купляць на сувеніры. Ужо падчас падрыхтоўкі дакументаў для намінацыі мастацтва выцінанкі ў спіс UNESCO падкрэслівалася яе роля ў сучасным гарадскім побыце: «Выцінанка выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання дамоў, кавярняў і офісаў, для дызайну друкаванай прадукцыі (напрыклад, календароў і паштовак), а таксама ў тэатральных дэкарацыях і грамадскіх месцах».
На фота і відэа на сайце UNESCO мы бачым майстроў выцінанкі Наталлю Адзінец з Любаншчыны, Святлану Люнкевіч з Магілёва, Вольгу Бабурыну з Мінска, Святлану Вяль і Марыну Марчук з Берасця, сям’ю Чырвонцавых, Соф’ю Падкарытаву, Віталя Назарэвіча і Канстанцыю Герасіменка з Маладэчна.
Жыхарка в. Дулебня Клічаўскага р-на Дар’я Шамаль з фіранкай-выцінанкай уласнага вырабу. Фота Алены Ляшкевіч, зробленае ў 2011 г. падчас экспедыцыі, арганізаванай Студэнцкім этнаграфічным таварыствам
У этнаграфічных экспедыцыях па розных частках Беларусі яшчэ можна сустрэць старэйшых вяскоўцаў, якія памятаюць выкарыстанне выцінанкавых аздоб у побыце і могуць паказаць, як іх рабілі. Па сутнасці, амаль кожны беларус хоць раз займаўся выцінанкай — хто не выразаў сняжынак у дзяцінстве?
Таму ўнясеннем мастацтва выцінанкі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO можа па праве ганарыцца ўся краіна.
Алена Ляшкевіч, budzma.org